Ордэн Белай Мышы (зборнік). Уладзімір Арлоў

Читать онлайн.
Название Ордэн Белай Мышы (зборнік)
Автор произведения Уладзімір Арлоў
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Я кнігу маю
Издательство Современная зарубежная литература
Год выпуска 2013
isbn 978-985-562-031-1



Скачать книгу

пекі, аднаго міністра паліцыі, аднаго пракурора… У гэтай дзяржаве быў адзін крымінальнік, адзін палітвязень і адзін палітуцякач. Адзін генерал камандаваў адным палкоўнікам, адным маёрам і адным капітанам. На ўліку ў адзіным прафсаюзе стаялі адзін будаўнік і адзін падрыўнік, адзін прафесар і адзін студэнт, адзін акадэмік і адзін зусім непісьменны грамадзянін. Такое становішча існавала абсалютна ва ўсіх сферах. У краіне меліся ў наяўнасці адзін алкаголік і адзін наркаман, адзін сутэнёр і адна прафесійная выляжанка, адзін хворы на СНІД і адзін хворы на пранцы. У суседстве з адным уладальнікам шыкоўнай вілы ў смеццевым кантэйнеры жыў адзін бесхацінец. Сярод этнічных мяншыняў перапіс зафіксаваў аднаго габрэя, аднаго татарына, аднаго паляка, адну асобу каўказскай нацыянальнасці, аднаго расейца і аднаго албанца. Сексуальныя мяншыні нічым не вылучаліся: на аднаго гомасексуаліста прыпадала адна лесбіянка. Адпаведныя службы трымалі на воку аднаго грамадзяніна, якога падазравалі ў педафіліі, а таксама аднаго таемнага заафіла. Гэткі самы баланс захоўваўся і паміж прадстаўнікоў творчых прафесіяў: краіну цалкам задавальнялі адзін кампазітар, адзін архітэктар, адзін мастак, адзін актор, адзін журналіст і адзін пісьменнік.

      Варта зазначыць, што хадзілі глухія чуткі, нібыта ў гэтай краіне не заўсёды ўсё было ўладкавана так дасканала. Да прыкладу, казалі, быццам калісьці ва універсітэце некалькі прафесароў чыталі лекцыі некалькім студэнтам, якім аднойчы заманулася разам са сваімі выкладчыкамі зачыніцца ў аўдыторыі і скласці бунтоўніцкую петыцыю. Але гэта ўжо іншая гісторыя. А наша адбывалася ў краіне, дзе ўсіх, паўтараю, было па адным, і гэтую акалічнасць неаспрэчна засведчылі сакрэтныя рэляцыі, таемна праслуханыя размовы, зробленыя схаванай камерай здымкі, перлюстраваныя лісты ды іншыя пісьмовыя, аўдыя і відэаматэрыялы, на аснове якіх аўтар і рэканструяваў падзеі.

      Адзін раз на дзень з дакладам да караля з’яўляўся шэф службы бяспекі – невысокі таўстун з вусікамі і бародкай-эспаньёлкай, які больш нагадваў не чалавека сваёй суровай прафесіі, а лекара, што мае прыбытковую практыку і схільнасць да эпікурэйства.

      З ранішняга дакладу нязменна вынікала, што ў краіне пануе стабільнасць і назіраюцца выключна пазітыўныя працэсы. А менавіта: растуць аб’ёмы вытворчасці, адукацыйны ўзровень і спажыванне карысных для народа прадуктаў харчавання (у тым ліку алкаголю), а таксама няўхільна паўзе ўгору паказчык нараджальнасці, ад якой (што надзвычай важна ў справе стабільнасці) не адстае і смяротнасць.

      Кароль зазвычай спыняў шэфа бяспекі, не даслухаўшы. Але аднаго разу звыклы парадак быў парушаны.

      Рэч у тым, што адзіны ў краіне ювелір вырабіў на замову манарха адзіны ордэн, каб каралеўства нарэшце займела і аднаго кавалера найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды.

      Узнагарода называлася ордэнам Белай Мышы І ступені. Убачыць нешта незвычайнае ў такой назве мог толькі іншаземец, зусім не абазнаны ў мінуўшчыне гэтае краіны, бо ад школьных гадоў кожны яе грамадзянін ведаў, што мыш – старажытны сімвал тутэйшай дзяржаўнасці. Гістарычныя крыніцы сведчылі, што выява грызуна з вострай пыскаю і доўгім хвастом з’явілася на дзяржаўным гербе болей за пяцьсот гадоў таму, за часамі ўладарання аднаго з далёкіх і найвыбітнейшых продкаў цяперашняга манарха, які ўсе свае ўказы нязменна завяршаў традыцыйнай формулай: «а таксама сядзець усім ціха, як мыш пад венікам». Адзінае, што змянілася ў дзяржаўным гербе за пяць вякоў, – гэта колер. Старажытная шэрая мыш пакрысе святлела і ўжо ў мінулым стагоддзі набыла шляхетную белізну, што ў геральдыцы, як вядома, адпавядае срэбру і азначае чысціню, дабро і незалежнасць.

      Ордэн ляжаў перад каралём на пурпуровай ядвабнай падушачцы і вясёлкава ззяў усімі сваімі эмалямі і дыяментамі.

      Кароль паводле даўняй завядзёнкі не даслухаў даклада, але не адправіў свайго візаві далей мацаваць бяспеку, а запытаўся, каго той бачыць кавалерам найвышэйшай узнагароды. Шэф галоўнай службы краіны колькі разоў пакратаў эспаньёлку, што магло азначаць лёгкую збянтэжанасць. Стары надзейны паплечнік манарха, пэўна ж, ведаў, хто заслугоўваў ордэна нязмерна больш за ўсіх астатніх, аднак вырашыў перамаўчаць.

      А кароль або яшчэ не вызначыў найбольш заслужанага кандыдата, або сумняваўся, бо ўважліва праглядаў спіс насельнікаў падуладнай яму дзяржавы… У глыбокім одуме ён нават ссунуў сызвалоснік, і яго плех заблішчэў у промнях ранішняга сонца, хоць і не так зырка, як ордэн. Трэба, карыстаючыся момантам, зацеміць, што кароль, неўважаючы на згаданы плех, быў чалавек яшчэ досыць малады, павабны і поўны сілаў. Ён рэгулярна гуляў у тэніс і, надзеўшы дзеля скідвання вагі бронекамізэльку, бега трушком вакол сваёй рэзідэнцыі.

      Нарэшце кароль адарваў вочы ад паперы і ўголас падумаў:

      – А што калі мы ўзнагародзім нашага пісьменніка?

      Шэф бяспекі зноў пакратаў бародку. Аднак цяпер сітуацыя набыла канкрэтнасць, якую ён любіў і ў якой пачуваўся, як вугор у росным ранішнім гаросе.

      – Гэта выдатная кандыдатура, ваша вялікасць, – сказаў уладальнік эспаньёлкі. – Але…

      Кароль ускінуў брыво і атрымаў цвёрды працяг:

      – … у нас у краіне няма ніводнага чытача.

      – Сапраўды? –