Каханні. Дваццаць рэальных гісторый. Ніна Лістота

Читать онлайн.



Скачать книгу

досыць рэальнае ― Ліля Новік.

      Агата пачала перапісвацца са сваім альтэр-эга, і штосьці ў ёй нібы пераключалася ў такія моманты. Падавалася, выдуманы двайнік ― сапраўды жывы і самастойны чалавек.

      Ліля дадала ў сябры ў сеціве і Агаціных сяброў. Па манеры зносінаў, яе паведамленнях ніхто нават не здагадваўся, што насамрэч ім піша Агата ― нібы два зусім розныя чалавекі… Натуральна, аднойчы Ліля дадала ў сябры і Макса. Завязалася перапіска ― і добры жук-насарог закахаўся. Часам, калі Агата «прытомнела» і зазірала ў Ліліну перапіску, яе апаноўваў жах. Зноў, зноў яна прывяла ў рукі свайго каханага іншую!

      Стракозка нарэшце прыйшла ў сябе. Аднойчы набралася смеласці і выдаліла Лілю з сацсетак. Знішчыла ўсё, што было з ёй звязана. У Макса пачалася паніка: дзе Ліля, што з ёй здарылася? Ён моцна перажываў. Агата ж зноў была ў тупіку. Найбольш яна баялася, што, калі распавядзе ўсё, юнак будзе лічыць яе падманшчыцай. Але хлапца ўсё не пакідала занепакоенасць лёсам зніклай дзяўчыны. Таму яна наважылася і прызналася:

      – Так, гэта была я. Стварыла фейкавую старонку і ўвесь гэты час пісала табе ад імя Лілі.

      Стракозка апусціла вочы, баючыся, што калі падыме іх на каханага, то ўбачыць дакор.

      – Я столькі часу змарнаваў на Лілю. А замест гэтага ўжо некалькі месяцаў мог абдымаць сваю сапраўдную каханую, ― ён пяшчотна дакрануўся да плячэй дзяўчыны.

      Агата цалавала яго і дагэтуль. Але толькі цяпер яна адчула, як на дотыкі яе вуснаў Макс адгукаецца ўзаемнасцю.

      Стракозка і жук-насарог сталі парай. Прыгожай і крыху шалёнай. Ён сустракаў яе пасля вучобы, прысвячаў песні, казаў усім сябрам, што яго Агатка самая лепшая. Яна таксама была ўсюды, куды ішоў ён. Сядзела на парах у яго музычнай вучэльні, прыходзіла на рэпетыцыі аркестра, у якім ён іграў. Нібы кроплі на дне пустой шклянкі, гэтыя двое прагна прыцягваліся адно да аднаго.

      Без сварак таксама не абыходзілася. Наэлектрызаваная атмасфера іх пачуццяў сама нараджала маланкі, якія часам досыць балюча білі.

      – Мы вырашылі разысціся. Бо часта сварыліся, а навошта гэта? Нам было добра проста быць побач, бачыцца, як сябры, адчуваць шчасце ад таго, што ён ці я дзесьці ёсць, ― стракозка выдыхнула, узмахнула рукамі і склала іх на каленях.

      Агата расказала мне сваю гісторыю пасля моладзевага фестывалю «Час жыць!» у Маладзечне, дзе мы абедзве выступалі як паэткі. Я ― як запрошаны аўтар з Менска. Яна ― як мясцовы Галоўны Кальмар.

      Мы сядзелі пад вялізным каляровым дрэвам, сплеценым з пасмачак, якое займала ледзь не паўгрымёркі, пілі гарбату, а яна працягвала:

      – Дзесьці праз год пасля расстання ехалі разам на машыне. І нехта з нас, нават не помню хто, прапанаваў пажаніцца. Вырашылі, што гэта слушна. Проста хацелася ўжо з’ехацца і быць разам. Зладзілі сціплы роспіс, куды былі запрошаны толькі бацькі, пару сяброў і сведкі ― без іх проста нельга. Нам яшчэ пашанцавала, што наша свята фатаграфавала сваячка, у якой гэта былі першыя такія здымкі. А ўжо хутка яна стала адным з самых высокааплатных вясельных фатографаў