Название | Cіні карабель у блакітным моры плыве |
---|---|
Автор произведения | Сяргей Дубавец |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2014 |
isbn | 978-985-7086-75-7 |
Ты кажаш, што твор пасрэдны. Я і сам здагадваюся. Але што з таго, калі мне гэта падабаецца слухаць? У дзяцінстве я валторны з габоямі не разумеў, а трубу дык і проста ненавідзеў. Так яна страшна выла, калі пад вокнамі праходзіла жалобная працэсія, і даводзілася зашывацца ў самы далёкі і цёмны кут. Але яна даставала і там. Не было ратунку.
А цяпер – вось яны, габоі! І на іх проста зьверху – нібы коньніца-лётніца – скрыпкі – навальваюцца ўсёй сваёй мітусьнёй… Ведаеш, у дзяцінстве мы не ўспрымаем гукі, што напоўненыя сакральным зьместам. Часта ў чалавека гэтае неразуменьне застаецца на ўсё жыцьцё. Здавалася б, ён дарос ужо да таямніцаў сакрамэнту, і валторны з габоямі раптам сталі сэнсоўнымі і важнымі. Але толькі не для яго. Ён папросту ня вырас.
А ты ці вырас? Калі спалохаўся паніхіды, гэта яшчэ нічога ня значыць. Сапраўды, пахавальныя працэсіі ў дзяцінстве млосныя і страшныя. Пакуль ты не зразумеў, што ў кожным канцы зашыфраваны пачатак. Гэта калі ты на вуліцы раптам сустрэўся з гукамі жалобнага маршу. А ў мастацтве ўсё наадварот. Цябе проста зьбілі з тропу. Ты думаў, што ўлавіў гукі канца. Складальнікі музыкі любяць такія штукі. У іх гэта называецца – катарсіс. Памятаеш, як Дастаеўскага вялі на сьмерць, а потым сказалі, што стоп! усё адмяняецца. Ты стаіш бяздумна і раптам чуеш – птушкі пяюць.
Нашы валторны паўтараюць гэты выпадак з твору ў твор. Каб ты перажыў катарсіс. І пакуль ніхто ня ведае, як гэта ўсё растлумачыць, яно дзейнічае. Бо няма лепшага спосабу захапіць увагу, падрыхтаваць тваю істоту да апавяданьня, якое разгорнецца зусім хутка. Важна, што ты ўжо тут, ты ўжо ня толькі чакаеш, але ты наструнены ўвесь. І гэта добра. Гэта значыць, што гісторыя пачынаецца.
Кайлюс і Зелба. Зімовая казка
Віталю і Алене
Двое ахоўнікаў вайсковага стрэльбішча шарагоўцы Кайлюс і Зелба праводзілі ранішні агляд тэрыторыі. За лесам яны сышлі ў лагчыну, адкуль сьцежка паміж сумётаў вяла да ракі.
– Ці ты глядзеў, колькі сёньня?.. – спытаўся Кайлюс.
– Мінус сорак, – адказаў Зелба.
Шарагоўцы моўчкі спусьціліся зь невысокага берагу на гладкую ледзяную паверхню.
– Мінус сорак бывае ў гэтых краях раз на сто гадоў, – сказаў Кайлюс.
– Угу, – адказаў Зелба. – Столькі ж было ў год нашага прызыву.
Пад нагамі ў жаўнераў паўставалі карціны прамерзлага наскрозь падводнага сьвету: плыўкія водарасьці выгіналіся на некалькі крокаў, рыбіны замёрлі ў сваім увішным бегу, белыя бурбалкі нагадвалі россыпы зор.
– Юбілей, – стаў на месцы Зелба, – нам паложана падвойная пайка!
– Паложана-наложана, – мэханічна сказаў Кайлюс, не спыняючы хады.
Пад супрацьлеглым берагам, дзе ніцая вярба схілілася да ракі, зьмеціўшы нешта пад ільдом, Кайлюс раптам скочыў назад. Тое самае зрабіў і Зелба. Асьцярожна падаўшыся наперад, жаўнеры ўглядаліся ў ледзяную паверхню. Убачанае моцна ўражвала іх.
Пад ільдом сярод водарасьцяў застыла ў руху дзяўчына.
– Зусім не падобная да русалкі, – прашаптаў Зелба.
Тым часам Кайлюсу ад пераляку яшчэ не вярнулася мова. Ён абаўрэла разглядаў нечаканую відзежу, як нешта жаданае і, разам, забытае назаўжды.
Сапраўды, ані доўгіх косаў, ані жалезных грудзей у „русалкі“ не было.
Лёгкая сукенка, выгіны цела, усьмешка на вуснах, заплюшчаныя вочы – усё гэта змушала жаўнераў неадрыўна глядзець пад лёд і хвалявала сэрца.
– Прынцэса, – міжвольна прашаптаў Кайлюс.
– Ляля, – азваўся Зелба.
Такое „розначытаньне“ быццам ацьвярозіла іх, і яны, завядзёна пабраўшы вінтоўкі, рушылі звыклым маршрутам агляду – на супрацьлеглы бераг, з-за якога ўжо падымалася белае марознае сонца.
У пастарунку – невялікім будынку з сылікатнае цэглы – яны, як заўжды, варылі сабе ежу, чысьцілі амуніцыю і зброю, але пры тым не казалі ні слова ані пра „русалку“, ані пра свой юбілей. Яны маўчалі. Толькі бліжэй да поўдня першы прамовіў Зелба:
– Слухай, Кайлюс. Мы аглядаем тэрыторыю ўдвух дзеля таго, што можа спатрэбіцца прыкрыць адзін аднаго, альбо каб адзін, у разе патрэбы, пабег у пастарунак, а другі заставаўся на месцы здарэньня, праўда?
– Так напісана ў рэглямэнце, – пацьвердзіў Кайлюс.
– Толькі ж ніколі не было ў нас ніякіх здарэньняў. Аднойчы лось парваў агароджу, і ўсё. Але каб выявіць той прарыў, зусім ня трэба хадзіць разам.
– Можа і так, – недаверліва пагадзіўся Кайлюс.
– Мы вяртаемся з гэтых аглядаў галодныя, як сабакі, – узвысіў свой голас Зелба. – І пасьля яшчэ колькі часу гатуем ежу.
– Ты