Название | Белая муха, забойца мужчын |
---|---|
Автор произведения | Альгерд Бахарэвiч |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2015 |
isbn | 978-985-7140-07-7 |
© Бахарэвіч А., 2015
© Afarin Sajedi, карціна, 2013
© Цімафеева Ю., вокладка, 2015
© ПВУП «Галіяфы», 2015
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Частка першая
1. Лiхтары i бэз
Напрыканцы мінулага стагодзьдзя па Менску блукала легенда пра дзявочую банду, удзельніцы якой цёмнымі вечарамі нападалі на хлопцаў, а часам і на дарослых мужчын ды зьбівалі іх на горкі яблык.
Росквіт іхнай злачыннай дзейнасьці прыпаў на травень, час падрыхтоўкі да іспытаў і той салодкай ляноты, ад якой дапамагае толькі абліваньне халоднай вадой і добрая прачуханка. Відаць, зламысьніцы даўно не зазнавалі ні першага, ні другога – такія ўжо норавы былі ў тагачасным горадзе Менску, горадзе, што імкліва занепадаў, учадзелы, чапурысты і чысты, як перад канцом сьвету, і не было на тых дзевак ні госпада бога, ні ўчастковага.
Удзень выдатніцы, актывісткі моладзевага саюзу, пакорлівыя дочкі законапаслухмяных бацькоў, пасьля школы яны вярталіся дадому, да яшчэ ня выпраўленых у крэматорыі памяці плюшавых мядзьведзяў і пуставокіх лялек на засланых ружовым канапах, апраналіся ў мяккія хатнія касьцюмчыкі пастэльных колераў, вячэралі з татам, мамай і малодшымі братамі, мылі посуд, рабілі хатняе заданьне – каб празь некалькі гадзін выйсьці, плячо ў плячо, з зарасьнікаў густога, наркатычна-духмянага менскага бэзу дзесьці ў суседнім раёне.
Цёмных сьцежак і дзікага кустоўя ў горадзе хапала. Бэз калыхаўся, і разам зь ім калыхаўся вусаты месяц у бяззорным менскім небе. Даўгія ногі ў туфліках на высокім, але не занадта, абцасе ўпэўнена ступалі на вышчарбленую плітку, на мігатлівы водсьвет далёкага ліхтара, на бесклапотны цень будучай ахвяры. Яны рабілі сваю справу моўчкі, толькі час ад часу са страшнай цемры ахвяра чула то ззаду, то збоку бомы прыглушанага, вельмі музычнага сьмеху, таго сьмеху, які адныя жанчыны страчваюць ужо на другі дзень пасьля вясельля, а іншыя захоўваюць на ўсё жыцьцё. Вядома, што жанчынам ня надта зручна біцца ў іхным нелягічным, прыдуманым мужчынамі абутку – але біцца і біць, як вядома, ёсьць рознымі відамі спазнаньня сьвету.
Пачыналася ўсё з дакладна разьлічанага ўдару вострым мыском паміж ног – настолькі ж моцнага, наколькі й нечаканага, бо не было ніводнай ахвяры, якая б спадзявалася на такую сустрэчу. Чалавек згінаўся ад болю, быццам яму раптам скруціла страўнік – што ж, бывае, жывоцік баліць, і добрыя самарыцянкі адразу ж прыходзілі на дапамогу. Наступны ўдар туфліка цэліў у жывот, трэці – у калена, чацьверты – у зубы, і чалавек складваўся далей, робячыся ўсё меншым і меншым у памерах, быццам партатыўнасьць была ў ягонай прыродзе. Калі зьменшаная да патрэбных маштабаў ахвяра падала на сьцежку, на яе абрынаўся ўжо сапраўдны град адточаных тычкоў, трапных высьпяткаў і вытняў. «Дзяўчонкі, за што?» – хрыпата крычала істота на зямлі, закрываючы адной рукою скрываўлены твар, а другою гулкія, нібы званы, яйцы, і спрабуючы адчайнымі рухамі ягадзіцаў адпаўзьці ў кустоўе. І рэдка калі дзявочы голас адказваў: «За Кацю», ці там «За Таню», ці «За Каханоўскую» – а калі і адказваў, то вакол чулася незадаволенае шыпеньне: помста ня мусіла мець ніякага голасу, апрача сьмеху, помста мусіла ісьці зь цемры, і быць няўхільнай і безаблічнай, як сама цемра.
Зрэшты, ахвяры часьцей за ўсё і самі здагадваліся, за што. І праглыналі сваё прыніжэньне, бо каму хочацца, каб пра яго хадзіла слава зьбітага дзеўкамі недарэкі: за ўвесь час, пакуль банда шчыравала ў розных раёнах, ніводная ахвяра не паскардзілася ня тое што ў міліцыю, але нават прыяцелям. Толькі некалькі настаўнікаў былі вымушаныя звольніцца з працы і пашукаць сабе больш бясьпечнага занятку, і сярод іх быў нават адзін немалады, жанаты чалавек з трыма дзецьмі. Каму зь дзяўчат ён мог перайсьці дарогу, ды настолькі, каб давялося ставіць сабе новыя зубы? Мо і невядомай нам Каханоўскай, якую неяк назваў «тупой жырнай каровай» перад усёй клясай. Але ж ён быў чалавек у гадах, і зь іхнай вышыні мог дазволіць сабе, скажам так, пэўную вольнасьць стылю! Да таго ж ён сам ім расказваў, што ў Індыі карова – сьвятая жывёла. Магчыма, расказваў занадта часта, бо сьмех пасьля гэтых словаў чуўся ўсё радзей, а потым і зусім занік. Ператварыўшыся ў дзіўны звон, прыглушаную музыку, якая гучыць з кустоў бэзу цёмнымі менскімі вечарамі.
Што да ахвяраў маладзейшага веку, дык яны прыходзілі раніцай у школу ў гераічных бінтах і, хаваючы вочы і заікаючыся, расказвалі неверагодныя і няўцямныя гісторыі. Ну, на тое яны і хлопцы, каб хадзіць з гузакамі, супакойвалі сябе пэдагогі. Галоўнае, што ўсе жывыя. І ніхто ня піша заяваў ні ў органы правапарадку, ні ў РАНА – толькі кантрольныя і дыктоўкі. Дзяўчаты пішуць больш пасьпяхова за хлопцаў, расьце цэлае суквецьце выдатніц. Хлопцам навука даецца цяжэй, але ж на тое яны і… І наогул, да свадзьбы зажывёт. І жывот зажывёт, і ўсякая рана зарасьцёт, зуб прайдзёт, жызьнь прайдзёт, цот-няцот, цот-няцот, цот.
Можа, яно й добра, што мужчынская гордасьць не дазваляла ахвярам паўзаемнічаць міжсобку хаця б раз, каб нарэшце аб’яднацца і ўваліць