Название | Інструкцыя по спакушэнні замужніх жанчын |
---|---|
Автор произведения | Коллектив авторов |
Жанр | |
Серия | Сучасная беларуская лiтаратура |
Издательство | |
Год выпуска | 2023 |
isbn | 978-985-19-7541-5 |
Два досыць цяжкія камячкі свавольна куляліся і гулліва церліся каля ног Лізы, атрасаючы сваю пухнатую шэрстку ад снегу на штаны спалоханай дзяўчыны.
Яна напружана стаяла, апусціўшы рукі, і ад страху не ведала, што рабіць. Адно з медзведзянят стала на заднія лапы і, злаўчыўшыся, выхапіла з рукі Лізы разам з рукавіцай недаедзены блінчык. Пакуль медзведзяняты дзялілі сваю здабычу, дзяўчына дрыготкай рукой дастала з сумкі смартфон і здранцвелым ад страху пальцам стала шукаць у кантактах нумар Сашы. Ад хвалявання і слёз Ліза не магла чытаць і націснула пальцам наўздагад на адзін з нумароў. І вось поспех: з першага разу пайшлі гудкі.
– Слухаю вас, – пачуўся мяккі жаночы голас.
– Хто гэта? – надрыўна прамовіла Ліза.
– Лізачка, гэта я, Вераніка, што, не пазнала? – здзівілася супрацоўніца лясніцтва.
– Вераніка, пакліч хутчэй Сашу. Ён у вас там у канторы, – узбуджана, адчайным голасам прамовіла дзяўчына.
– Што здарылася, Ліза? – адразу пачуўся ўстрывожаны голас Сашы. На шчасце, ён быў побач з Веранікай і адразу пазнаў голас каханай.
– Сашачка, любы, ратуй. Мяне медзведзяняты апанавалі ў лесе…
– А дзе мядзведзіца?..
– Няма пакуль, Сашачка.
– А ты дзе зараз?
– На выхадзе з лесу, я іду па дарозе з высечкі, – толькі паспела сказаць дзяўчына, як з зараснікаў за дваццаць крокаў ад яе на сцежку выйшла вялізная мядзведзіца.
– Ай, Сашачка!
Смартфон выпаў з рук Лізы, з якога толькі і пачулася, як Саша надрыўна пракрычаў: «Стой на месцы, не варушыся, я еду!»
Бурая мядзведзіца ішла павольна, шырока расстаўляючы лапы, як бы штосьці разважаючы, час ад часу задзірала ўгару нос, гучна ўдыхала паветра і незадаволена фыркала, паматваючы калматай галавой. Ліза ў адчаі ад безвыходнасці разважала, што рабіць у гэты неймаверна пагрозлівы для яе час. А ці думала яна ў той момант зусім, бо яе цела ад страшнага жаху неяк адразу скамянела, і што яна толькі змагла, дык гэта абедзвюма рукамі закрыць свае вочы, каб не бачыць страшнага звера. Пакінутая на літасць Бога, дзяўчына стаяла, не варушачыся, і чакала немінучай смерці. Ад жаху Ліза прытомнасці не страціла, а ў галаве завярцелася пытанне: «За што, за якія грахі менавіта мяне напаткала такая жудасная доля быць пакаранай звярамі, якіх я так люблю? І што я паспела ў сваім кароткім жыцці?» Яна добра ведала, што для кожнага чалавека, каб пакінуць пасля сябе важкі след на зямлі, трэба пасадзіць дрэва, і Ліза яго пасадзіла, і не адно. А вось астатняе не паспела: хату сваю не пабудавала, дзіцё не нарадзіла, бо афіцыйнай сям’і пакуль няма з Сашам, якога бязмерна кахае і жыве разам, але вяселля яшчэ не было, па розных прычынах усё адкладвалі, а зараз… Перад вачыма, як наяве, з’явіліся бацькі – мудры тата, добрая, ласкавая мама – і два любімыя брацікі.