Цені Дзікага палявання. Алесь Кожедуб

Читать онлайн.
Название Цені Дзікага палявання
Автор произведения Алесь Кожедуб
Жанр
Серия Сучасная беларуская лiтаратура
Издательство
Год выпуска 2024
isbn 978-985-19-7652-8



Скачать книгу

Па-першае, сваю смерць яны ніколі не ўспрымалі канцом свету, бо яны пакідалі сябе ў сваіх дзецях і ў тым, што зрабілі. Менавіта з-за гэтага, зразумела, яны не глядзелі на сябе як на апошняга. І гэтак жа бачылі яны ўсё і наўкола сябе: зямлю, лясы, рэкі, горы, звяроў і рыб, – апошняга нічога не можа быць. Так яны прызвычаіліся. І вось лёг пад дрэвам у пушчы апошні зубр. Згінуў, знік у пячоры апошні леапард. Ценем мільгнуў у паветры апошні – ды ці быў ён? – сокал.

      Ляскі ў лесавіка яшчэ былі, пушча ўжо скончылася. Так што ён таксама ўжо як бы і быў, і не быў. Ва ўсякім разе, лесавік добра ведаў, што людзі яго амаль не ўяўлялі. Вось з’явіся ён перад імі такім, каб яны здолелі яго ўбачыць, – зусім невядома, што б яны падумалі. Ды і то сказаць – выразна, добра разгледзець яго яны ўсё роўна не здолелі б. Не падыходзіць ён для іхніх вачэй. За сваё жыццё ён спрабаваў даведацца, як бачаць яго людзі, калі ён гэтага захоча, – але да канца так і не разабраўся. Нешта памерам з чалавека, можа, крыху менш ці болей, быццам з рукамі і нагамі, з галавой; пра твар ніхто з іх нічога пэўнага не мог сказаць, баяліся яны ягонага твару: вочы ёсць, з жахам крычалі, шапталі яны, але крый божа зірнуць у іх, не трэба, бо і не вочы гэта, а… яміны з падзямельным святлом – вось як зірнеш, так і прапаў; але, калі на тое, ягоных вачэй іхнія вочы і не бачылі, бо не маглі зазірнуць у іх, а святло… святло ім магло ўявіцца, магло; на ім, расказвалі яшчэ яны, адзенне не адзенне – валасы, мусіць, але не чалавечыя, нават не звярыная поўсць, а як бы лісце ці трава – і ён то ўзнікне, то прападзе, і кожны раз крыху іншы – то большы, то меншы, а то амаль і не ўбачыш яго, толькі абрысы: глядзіш, як ён каля дрэва пакалыхваецца, з месца сысці не можаш, валасы твае шорсткія патрэскваюць, а ён чэзне, чэзне – і растварыўся, адно толькі дрэвы трасуцца і зямля гудзе. Расказвалі шмат, але кожнага разу новае і сваё, часта супярэчлівае: ён і чалавек са звярынай поўсцю, і звер з чалавечым абліччам, і з пашчаю агнявой, і кіпцюры, і капыты, і іклы, як у дзіка, і хвост з рагамі, і раве, і стогне, і сыкае, што змей, і лётае, і ад хады ягонай зямля трасецца, а лес падае і трашчыць, – ды, праўда, даўно ўжо пра яго ніхто нічога не расказвае, было ўсё ў далёкім мінулым.

      У тым жа мінулым была ў людзей і вера, перакананасць у тым, што, калі з’явіўся з табой побач лесавік, ты можаш яго пабачыць. Людзі верылі ў гэта, як верылі спачатку ў ідалаў і продкаў, потым у Айца, Сына і Святога Духа, а разам з Трыадзіным – у Іегову, Алаха, шасцірукага Буду, Магамета і яшчэ многіх, – і ні ў кога не верылі, акрамя сябе. З тых часоў прыйшла замова, пасля якой на людскія вочы павінен быў аказацца і лесавік. Людзі, надрыжэўшыся і паляскаўшы зубамі, сабраўшыся з моцаю, заплюшчыўшы вочы, гаварылі: «Кажыся не воўкам-зверам, не воранам-птахам, не дрэвам іглістым, а такім, як я сам!» – і з-за прымружаных павек цікавалі: дзе ж той, якога ніхто не бачыў, але які ёсць, дзе ён, гаспадар лясны, гаспадар, непадуладны самому Богу, Богу, які чакае пасля зямлі ўсіх іх? І былі ўпэўнены, што лесавік і паказваўся недзе побач, толькі не бачылі яго, бо і вочы баяліся расплюшчыць, і за спіну не глядзелі,