Название | Двое на вуліцы |
---|---|
Автор произведения | Янка Сіпакоў |
Жанр | |
Серия | |
Издательство | |
Год выпуска | 0 |
isbn | 978-985-581-516-8 |
Скажам, хіба, да прыкладу, у той халодны восеньскі дзень, калі ліў такі ж самы, як сёння, дождж, ён мала каго сустракаў на мокрай і няветлівай вуліцы. Але ж запомніў бадай што толькі іх – бацьку і сына. Бацька быў цёпла апрануты, ён размашыста шыбаваў па лужынах, а побач з ім у адным пінжачку, без куртачкі бег малы – дождж ліў яму за каўнер, хлопчык уцягваў галаву ў плечы і ўсё стараўся глыбей у кішэні схаваць свае паакрэплыя на дажджы і холадзе рукі, усё спрабаваў нешта загаварыць да бацькі, але той маўчаў. Жавейка здзівіўся, што ў чалавека так і не з’явілася жадання захінуць малога хоць крысом бліскучага ад дажджу плашча, зашпіленага на ўсе гузікі, – нават башлык быў насунуты на галаву і завязаны пад барадою.
Вось тады, седзячы дома каля акна, ён глядзеў на халодную кроплю пад градуснікам, на галавасцікаў, якія спяшаліся па шыбах немаведама куды, а перад вачыма ў яго ўсё стаялі тыя двое – бацька і сын.
А можа, той мужчына, які вёў хлопчыка ў дзіцячы сад, ніякі не бацька малому? А хто ж ён тады? Выпадковы чалавек? Прымак? Знаёмы? Сябра яго маці на адну толькі ноч? А можа, усё ж бацька, але п’яніца? Не, на п’яніцу ён не падобны. Жавейка бачыў – балазе дзіцячы сад у яго пад самымі вокнамі, – як п’яныя бацькі забіралі часам дадому дзяцей. Яны затульвалі малых ад ветру, захіналі лацвей у палітончыкі, ішлі, хістаючыся ва ўсе бакі, іх заносіла, але яны ўважліва глядзелі, каб не наступіць малым на ногі, і моцна трымалі сына ці дачушку за ручаняткі: п’яніцы напачатку бываюць, дарэчы, вельмі чуллівымі.
Жавейка сам сабе празваў гэтага мужчыну «мачахай», грэбліва ўспамінаў яго, асуджаў і разумеў, што ён дужа кепскі чалавек. Бо калі б быў хоць крыху лепшы, то, не зважаючы на тое, кім даводзіцца яму малы, абавязкова захінуў бы хлопчыка ад дажджу.
Думаў і пра свайго сына. Як ён там? Хто яго водзіць зараз у сад? Хто забірае дадому? Ці ўспамінае ён бацьку?
Вова сніўся яму зараз як не кожную ноч. I ўдзень ён у многіх хлапчуках пазнаваў яго і гатовы быў бегчы за кожным, хто нават са спіны быў падобны на сына.
Яны жылі з жонкаю дружна і хораша.
Хоць пазнаёміліся зусім выпадкова, сустракаліся таксама вельмі мала і да жаніцьбы, як кажуць, амаль што «не хадзілі» – толькі пісьмамі віталіся, – але сям’я ў іх атрымалася шчаслівая.
А пазнаёміліся яны з Тоняю ў дарозе.
Тады ён апошні год служыў у арміі і, атрымаўшы водпуск, ехаў дадому. Але раней чым заехаць да маці, якая адна, чакаючы яго, жыла ў вёсцы, ён рашыў паказацца сястры – Аленка выйшла замуж. У гарадок, што ляжаў якраз на паўдарозе ў родныя мясціны: маўляў, няхай паглядзіць на брата, у якога «ўсе грудзі ў медалях» – крыху значкоў у Алега было сваіх, крыху, для важнасці, ён пазычыў у сяброў