Крыштальная ноч. Дар’я Трайдэн

Читать онлайн.



Скачать книгу

зазірнуць у сэрца і ўпэўніцца: чалавек ведае, што жыццё – гэта бясконцы абмен, і нельга толькі атрымліваць без аніводнай страты. Рэч патрэбная на тое, каб праверыць, ці адрознівае чалавек сутнасць падарунка і хабару.

      Сям’я Кахоцкіх многа пераязджала: Лана нарадзілася ў Германіі, праз чатыры гады Кахоцкія пераехалі ў Ізраіль, праз тры вярнуліся ў Беларусь – і мовы ў ёй змяшаліся і заблыталіся. Болей Лана не спрабавала размаўляць – яна ведала, як лёгка несці пачуццё ў падарунках, жэстах, позірках, рытме рухаў і набліжэнняў, а таму не мела патрэбы ў новых гульнях. Дзеці лічылі Лану нецікавай дачкой багатых бацькоў, якой няма чаго паказаць, акрамя сваіх грошай. Толькі некаторыя сустрэчныя разумелі, чаму яна маўкліва цягне рукі са скрынкай у хрумсткай прыгожай паперы. Звычайна ў іх не было чаго даць ёй, акрамя прысутнасці, дотыку, гарманічнага рытму хады, белай дарогі пасярод рудых дрэваў. Але гэта быў правільны адказ – яны давалі тое, што маглі, тое, чаго ў Ланы не было, і пах ліпы быў ладанам, і сосны складалі імклівыя прывідныя фрэскі, і простая лясная кветка глядзела ласкава, як святая Марыя.

      З тымі, хто ружавеў і прымаў падарункі ў хваляванні, хто абяцаў вачыма помніць яе і лашчыць гэтую рэч, такую прыгожую, патрэбную, – з тымі Лана была шчаслівая.

      «Ігнат, што з ёй рабіць? Яна набывае сяброў за грошы, дзічыцца, слова не выцягнуць. Што з яе будзе, калі працягне так тыркаць усім банцікі і каробачкі?» – маці клапацілася пра Лану, як клапоцяцца прыгожыя жанчыны, расчараваныя тварамі і здольнасцямі любімых дзяцей.

      «Нічога, усё зразумее», – Кахоцкі паціснуў плячыма. Бізнес без лёгкіх стымуляцый і сімуляцый не працуе, таму Лана, можа, і не дурніца. Ён развіваў у дачцэ іншыя навыкі забяспечанага жыцця: замежныя мовы, усмешка без жадання ўсміхнуцца, матэматычны падлік карыснасці знаёмства, атрыбуты абранасці – Ігнат Кахоцкі даў столькі ўрокаў, а яна маўчала, яна шукала стужкі для падарункаў, цешылася не абранасцю, а абрадавасцю, радасцю, яна дыхала плебейскім паветрам кухняў бабуліных сябровак і хавала паштоўкі, якія пакуль няма каму падпісаць.

      Кахоцкія неяк убілі ў яе кепскаватую польскую і выправілі вучыцца ў Варшаву.

      Калі Лана кінула варшаўскі гістфак, бацькі параілі ёй знайсці працу (і пажадана ў сталіцы, каб Лана глядзела на шчаслівых менскіх студэнтаў – і адчувала сорам, і рыхтавалася да іспытаў, і сніла сябе першакурсніцай, пажадана факультэта міжнародных адносінаў).

      Але Лана ўладкавалася на працу фларысткай, працавала ноччу, палову дзён тыдня спала, другую палову бавіла без шчаслівых студэнтаў і іншых герояў чужых фантазій. Спачатку яна жыла ў кватэры бацькоўскіх сяброў – сямейнай пары навукоўцаў, якія ў той час паехалі нешта паралельна вывучаць у Швецыі. Калі сінхронныя даследчыкі вярнуліся, Ланіна адзіноцтва якраз пералівалася цераз край усіх кубкаў, і рукі стаміліся ад дотыкаў да нежывых непатрэбных падарункаў, і пах кветак, якія пойдуць да чужых каханак, пазбаўляў прытомнасці.

      Лана пачала шукаць новы дом.

      Знаёмы даў Лане нумар дзяўчыны, ад якой з’ехала суседка.