Палескі дыярыуш дывізіі Серакоўскага. Стэфан Корф

Читать онлайн.



Скачать книгу

парастак. Чакаў год, чакаў два. Праз дзесяць гадоў яму надакучыла глядзець на голы холмік ля дома, надакучыла самому паляваць і збіраць ежу, надакучыў лес. Ён забіў бацьку і брата, каб быць першым, каб кіраваць людзьмі, а не дзеля таго, каб сядзець у лесе ды чакаць смерці. Ужо не хлопец, а моцны мужчына схапіў волатаву сякеру і цёмнай ноччу пайшоў да Дрэва. Ударыў раз – усе птушкі ў лесе ўзляцелі; ударыў другі – і ўсе звяры выбеглі са сваіх нор; ударыў трэці – пайшоў самы моцны дождж, што калісьці быў ці будзе на гэтай зямлі. Але хлопец быў упарты і ўдарыў чацвёрты раз. Дрэва захісталася і звалілася, пакінуўшы на сваім месцы пень, трохі вышэйшы за волатаў, якія жылі тут раней… Раніцай, пабачыўшы, што зрабіў яго «сябар», Бруз заплакаў. Але зрабіць ён нічога не мог. Ён плакаў тры гады, абдымаючы паваленае Дрэва. За гэты час аброс волат валасамі, слёзы, што засыхалі на яго вачах, ператварыліся ў рогі, кулакі перасталі расціскацца, а цела паменшылася ў памерах. Волат назаўжды замоўк.

      Хлопец, сабраў плады з паваленага Дрэва і збег назад, да людзей. Яго нашчадкі вырубілі ў пні хады ды пакоі, абнеслі ровам рэшткі Дрэва і пачалі жыць у ім. Людзі пацягнуліся да яго, будавалі побач дамы, аралі зямлю…

      І зараз бадзяецца непрыкаяны волат па гэтым лесе, згорблены, з вогненнымі ад слёз вачыма, на чатырох нагах і ахоўвае кожнае дрэва ў гэтым лесе. Кажуць, часамі яго можна пабачыць побач з тым пнём, які людзі клічуць Валунцом… ці Крамянцом… Не памятаю ўжо – старасць…

      Дзядуля паклаў грыб пад капялюш.

      – Вось і прыйшлі. Гэта твая вёска, – паказаў на хаты ён.

      – Дзякуй вам вялікі. Я пайду тады, маці, мабыць, чакае мяне – вечар жа.

      І хлопчык пабег да платоў. Дзядуля пайшоў назад, у лес, несці смачныя паганкі сваім родзічам.

      – Эх, хлопча, бяжы, бяжы. Тры гады маці цябе чакае…

      22 ліпеня 1794 года

      Вогнішча аблізвала бакі двух тлустых глушцоў, смакуючы пажаўцелую скуру з перцам і соллю. Полымя кусала за ногі, крылы, шыі і грудзі птушак, быццам не жадаючы пакідаць хоць кавалачак смачнага мяса жаўнерам, што сядзелі побач. Базыль ахоўваў ежу ад пражэрлівага агню, круціў палку, на якую былі насаджаны птушкі, і раскідваў вуглі. На краі вогнішча стаяў чыгунок з кашай.

      Непадалёк на сене адпачываў Янка. Сёння ноччу, калі дывізія прыйшла ў Шарашова, яго з дзясяткам вершнікаў адправілі з дазорам у бок Белавежы. Малады ўлан запрог толькі што рассядланага чорнага каня і, амаль без адпачынку пасля дзесяцігадзіннага маршу, рушыў у шлях. Вярталіся яны ў час, калі сонца разагнала ранішні туман і высушыла расу. «Хто ідзе?» – спыталі каля мястэчка. «Свае, з патруля», – адказаў харунжы Сыракомля, пад кіраўніцтвам якога Янка і служыў.

      З сабою ў дарогу вершнікі ўзялі сабак – паляванне тут было забаронена, але што скажуць егеры дзесяці ўзброеным вайскоўцам, якія выконваюць загад генерала? Звер у пушчы вадзіўся, і што самае галоўнае – не прызвычаены да чалавека і палявання, якое аказалася простай справай. Янку