Коннік без галавы. Майн Рыд

Читать онлайн.
Название Коннік без галавы
Автор произведения Майн Рыд
Жанр Литература 19 века
Серия
Издательство Литература 19 века
Год выпуска 1865
isbn 978-985-01-0153-2



Скачать книгу

Вы ж пераначуеце ў нас?

      – Па праўдзе кажучы, я з гэтым намерам і прыехаў. Пра маю клячу не турбуйцеся: яна добра прывязана. Пазней я яе пушчу на пашу.

      – Ці не хочаце закусіць? Фялім якраз гатуе вячэру. На жаль, нічога, акрамя аленіны, не магу вам прапанаваць.

      – Што можа быць лепш за добрую аленіну! Хіба што мядзведзіна… Толькі гэту дзічыну трэба добра падсмажваць на гарачым вуголлі. Давайце я дапамагу гатаваць… Містэр Фялім, схадзіце да маёй клячы і прынясіце індычку – яна прывязана да лукі сядла; я падстрэліў яе па дарозе.

      – Цудоўна! – усклікнуў мустангер. – Нашы запасы зусім спустошаны. Апошнія тры дні я паляваў на аднаго рэдкаснага мустанга і не браў з сабой стрэльбы. Фялім і я, ды і Тара таксама, зусім згаладаліся за гэты час.

      – А што гэта за мустанг? – зацікаўлена спытаў паляўнічы, не звяртаючы ніякай увагі на апошнюю заўвагу.

      – Цёмна-шакаладная кабыла з белымі плямамі. Цудоўны конь!

      – Каб яго чорт, хлопча! Дык гэта ж якраз тая справа, якая і прывяла мяне сюды!

      – Праўда?

      – Я бачыў гэтага мустанга. Кабыла, вы кажаце? Я гэтага не ведаў, яна ні разу не падпусціла мяне да сябе бліжэй чым на паўмілі. Я бачыў яе некалькі разоў у прэрыі і вырашыў, што вам варта яе злавіць. I вось чаму. Пасля таго як мы з вамі апошні раз бачыліся, я быў на Ляоне. Туды прыехаў адзін чалавек, якога я ведаў яшчэ на Місісіпі. Гэта багаты плантатар; ён жыў на шырокую нагу. Нямала аленяў і індыкоў пастаўляў я яму. Яго завуць Пойндэкстэр.

      – Пойндэкстэр?

      – Так. Гэта імя ведаюць усе на берагах Місісіпі – ад Арлеана да Сент-Луіса. Тады ён быў багаты; ды і цяпер, відаць, не бедны, бо прывёў з сабою добрую сотню неграў. Акрамя таго, з ім прыехаў пляменнік, па імені Калхаўн, у якога вядуцца грошыкі, і рабіць хлопцу з імі няма чаго, хіба што аддаць свайму дзядзечку ў пазыку; і аддасць – праўда, не без задняй думкі: хлопец хітры. Цяпер я скажу, што прывяло мяне да вас. У гэтага плантатара ёсць дачка, вялікая ахвотніца да коней. У Луізіяне яна ездзіла на самых шалёных, якіх толькі можна было знайсці. Яна пачула, як я расказваў старому пра крапчастага мустанга, і не адступілася ад бацькі, пакуль ён не паабяцаў ёй, што не пашкадуе грошай за гэтага каня. Ён сказаў, што дасць дзвесце долараў. Канешне, усе тутэйшыя мустангеры, як толькі аб гэтым даведаюцца, зараз жа кінуцца за каньком; і вось, не сказаўшы нікому ні слова, я паскакаў сюды на сваёй старой кабыле. Злавіце крапчастую – і дзвесце долараў будуць у вашай кішэні! Зеб Стумп ручаецца за гэта.

      – Ці не выйдзеце вы са мной, містэр Стумп? – сказаў малады ірландзец, устаючы з табурэткі і накіроўваючыся да дзвярэй.

      Паляўнічы пайшоў за ім, крыху здзіўлены нечаканым запрашэннем.

      Морыс павёў свайго госця да навеса і спытаў:

      – Падобны гэты конь на таго мустанга, аб якім вы гаварылі, містэр Стумп?

      – Праваліцца мне скрозь зямлю, калі гэта не ён! Ужо злоўлены! Табе пашанцавала, хлопец, – дзвесце долараў як з неба зваліліся. Чорт вазьмі, яна каштуе кожны цэнт гэтых грошай! Ну і прыгожая ж скаціна! Во будзе радасць для міс Пойндэкстэр!