У кнігу празаіка Міхася Слівы ўвайшлі апавяданні, навелы, гумарэскі, мініяцюры. Асобны раздзел складаюць літаратуразнаўчыя і літаратурна-крытычныя артыкулы і рэцэнзіі на кнігі беларускіх пісьменнікаў. Большасць твораў прайшлі своеасаблівую апрабацыю – друкаваліся ў часопісах «Полымя», «Нёман», «Беларуская думка», «Вожык», «Вясёлка», у газетах «Літаратура і мастацтва», «Звязда», «Чырвоная змена», у калектыўных зборніках, альманахах. Кніга, як чатырохгранны ізумруд, складаецца з чатырох раздзелаў, кожны з якіх будзе па-свойму цікавым.
Персанажы аповесцяў і апавяданняў новай кнігі Зінаіды Дудзюк перажываюць падзеі, якія цалкам мяняюць іх жыццё: Аляўціна («На парозе раю») паехала ў Германію на заробкі, каб дапамагчы сыну разлічыцца з пазыкаю, а ў выніку апынулася ў лагеры для бежанцаў; Клаўдзія («Рэванш») марыла пра сям’ю, а была вымушаная бараніць жаночую годнасць ад дамаганняў уплывовых залётнікаў; Зоя («Вольны палёт») страціла ўсё, апынулася на сметніку, але здолела стаць патрэбнай людзям… Трапляючы ў трагічныя сітуацыі, гераіні кнігі ўсведамляюць: усё тое, што з імі адбываецца, яны ствараюць уласнымі ўчынкамі.