На першы погляд, “Мінакі” – гэта яшчэ адна ўрбаністычная казка з даволі прадказальным канцом, напісаная, як кажуць, па ўсіх законах жанру. Аднак дзве сюжэтныя лініі, якія рана ці позна мусяць перасекчыся і раскрыць галоўную ідэю твора, чамусьці запаволеныя. Героі ў гэтым не зацікаўленыя. Яны маладыя і асцярожныя, яны ведаюць сабе кошт і на дробязі не разменьваюцца. Кожны жыве сваім жыццём і верыць, што робіць гэта самым належным чынам, кожны асуджае і ненавідзіць. “Мінакі” маглі б быць выдатным узорам разважання на тэму таго, што ёсць “добра”, а што “кепска”, калі б не аўтар. Падаецца, Талстоў увогуле не вагаецца. Ён выдаляе гэтую дуальнасць як нешта непрыгожае і брыдкае, а на яе месца ўпэўнена ставіць вялікі пытальнік. Складаецца ўражанне, што аўтар і шкадуе сваіх герояў, і любіць іх, але вось дапамагчы ім ніяк не можа, пакідае іх самнасам са сваімі праблемамі на халодных гарадскіх вуліцах, аддае на міласць чытачу, разлічвае на ягонае сумленне.
Адбываецца персаніфікацыя лірычнага героя ў аўтара і наадварот. Здзек з чытача, але і здзек з пісьменніка. Руйнаванне традыцыі і перамыванне костак штучным каштоўнасцям. Разбурэнне рамана як класічнай буйной формы. Трынаццаць частак твора «Замак пабудаваны з крапівы» – гэта, з аднаго боку, кампіляцыя асобных занатовак, замалёвак, казак, журналістыкі і бог ведама чаго, з другога – цэласны тэкст са сваёй выразнай архітэктонікай. Структура прадстаўленай кнігі будзе вымагаць ад чытача рэканструкцыі ўласных эмоцыяў і досведу. Перадусім раман Змітра Вішнёва можа выклікаць абурэнне альбо захапленне, але не абыякавасць. Рэкамендуецца ўсім аматарам прыгодаў.
Зборнік “Шалі” складаюць лірычна-побытавыя мініяцюры. Аўтар не проста працягвае традыцыі папярэднікаў, але імкнецца і да творчага вынаходніцтва. Кніга разлічаная на чытача, які шукае новых уражанняў і прыгодаў.
У рамане “Менада і яе сатыры” аўтар выступае ў розных іпастасях: то следчага, то пракурора, то адваката, то псіхіятра, то журналіста, то назіральніка, то патолагаанатама загубленай душы. Гераіня аповесці “Рай даўно перанаселены” займаецца падрабязнай рэканструкцыяй уласнага дзяцінства, бязлітасна аналізуючы існаванне трох пакаленняў жанчын, якія нарадзіліся “пад халоднымі сонцамі ўяўных велічыняў”. Узаемаадносіны беларускай эмігранткі і былога салдата вермахта – у цэнтры вострасюжэтнай аповесці “Дараванне”, дзеянне якой адбываецца ў сучаснай Нямеччыне. У кнігу таксама ўключаная першая аповесць аўтара “Бязлітасны мой воін” і шэраг апавяданняў.
Шабаны. Адно з сакральных месцаў сённяшняга Менска. Канцавая станцыя міфічных аўтобусаў і нікому не цікавых лёсаў. Шабаны як брама; Шабаны як пастка. Іхная тапаніміка вяртае ў чужое мінулае, іхная геаграфія сягае далей за вызначаныя ім межы, іхная гісторыя больш загадкавая, чым можа падацца на першы погляд. Менавіта ў Шабанах і іх ваколіцах разгортваецца дзея гэтай кнігі, у якой прыватныя жыцці герояў пераплятаюцца з забытымі тэорыямі акадэміка Мара, за кожным паваротам чакае патруль часу, а ўспаміны дзяцінства пішуцца на старых мапах. Новая кніга Альгерда Бахарэвіча – раман пра магчымасці мовы і немагчымасць вяртання.