Кніга вядомага беларускага пісьменніка Юры Станкевіча хіба што лішні раз сведчыць пра шырокі дыяпазон яго тэм і жанраў. Раман «Паўночны вецер для спелых пладоў» пра далёкія студэнцкія гады і каханне нечакана пераклікаецца з сучаснасцю. Дзеянне прапанаваных аповесцяў адбываецца як у мінулым, так і ў будучыні, і тая будучыня цяпер падаецца аўтарам на мяжы фантастыкі і прыпавесці. Некалькі вострасюжэтных апавяданняў толькі дадаюць і разгортваюць асноўныя тэмы творчасці пісьменніка, найважнейшая з якіх – нацыянальнае самавызначэнне.
Галоўныя пытанні, на якія шукае адказы Юры Станкевіч, вядомы як адзін з самых жорсткіх палемічных аўтараў, – гэта будучыня і лёс нацыі, а таксама адзіноцтва чалавека і яго стасункі з грамадствам. Творы Юр’я Станкевіча, якім часам уласцівы незвычайны і шакіруючы змест, а таксама глыбокі песімізм, выклікаюць гучныя дыскусіі. Аўтар, тым не менш, стаіць паасобку ад літаратурных плыняў, захоўваючы сваю пазіцыю. У зборнік увайшлі свежанапісаныя антыўтопія "Эрыніі", аповесць "Партрэт выпускніка на фоне "адлігі", п’еса "Гарпіі", шэраг вострасюжэтных апавяданняў.
Новая кніга Юры Станкевіча разлічана на тых, хто любіць спорт, прыгоды, актыўнае, здаровае жыццё. Дзеянне прадстаўленых у зборніку мастацкіх твораў адбываецца як у сучаснасці, так і ў далёкім або блізкім мінулым; часам яно нясе прытчавую ці фантастычную афарбоўку. Аповесць “Брамнік заўжды самотны” распавядае пра маладога і вельмі таленавітага футбаліста, брамніка па прызванні, які хоча стаць такім самым вялікім галкіперам, як Луіс Чылаверт. Псіхалогія юнакоў і дзяўчат, тэмы мужнасці і кахання – усё гэта складае змест кнігі.
Зборнік “Шалі” складаюць лірычна-побытавыя мініяцюры. Аўтар не проста працягвае традыцыі папярэднікаў, але імкнецца і да творчага вынаходніцтва. Кніга разлічаная на чытача, які шукае новых уражанняў і прыгодаў.