Название | …І прыдбаў гэты дом |
---|---|
Автор произведения | Мікола Адам |
Жанр | Историческая литература |
Серия | Жаночыя лёсы |
Издательство | Историческая литература |
Год выпуска | 2020 |
isbn | 978-985-581-340-9 |
Рая Курапатка значна адрознівалася ад сваіх сясцёр. Калі тыя, як матрошкі, паходзілі адна на адну і нагадвалі (пры параўнанні з птушкамі) качак, то Рая выглядала белым лебедзем – прыгожым і недасяжным, нібы айсберг. Яна сядзела з бацькам за адной партай. Употай ён любаваўся выгінам шыі дзяўчыны ў залатых завітках валасоў, больш падобным на мастацкі твор. На яго боязна было нават падзьмуць, не тое што дакрануцца. Дый сама Рая здавалася нейкай паветранай, не сапраўднай, цалкам апраўдваючы сваё імя. Яна і хадзіла, быццам плыла, як аблокі. Ну нельга ж быць такой прыўкраснай і ў такой глушэчы!
Бацька вар’яцеў ад прыгажосці дзяўчыны і кахання да яе, але адкрыцца ёй, расказаць пра свае пачуцці саромеўся, бо баяўся, што тая пасмяецца з яго. Бо хто ён такі? Што ў яго было за душой? Бедна басота, да таго ж сын былога лагерніка. Дзіўна, што Рая ўвогуле сядзела з ім за адной партай. Бацька ж не мог залезці да яе ў галаву і падгледзець, што дзяўчына пра яго думала. А яна між тым таксама не ведала, як зрабіць так, каб бацька заўважыў, што і ён ёй падабаўся.
Каб неяк бліжэй быць да Раі, бацька пачаў захады з яе сясцёр. Тыя адразу зразумелі цікавасць хлопца да старэйшай сястры, але ні ёй, ні яму не прызналіся ў здагадках. Кожнай было ў радасць ламаць камедыю і цікаваць за тым, што адбываецца, як і прыхоўваць адна ад адной свае стасункі з бацькам.
Паразумеліся бацька з Раяй выпадкова. На тых жа танцах у суседняй вёсцы.
Бацька выйшаў з клуба пакурыць, прайшоўся да дрэў, што стаялі невялікай алеяй убаку, схіліўшы да зямлі стамлёныя за дзень зялёныя галіны, нібы напрацаваныя рукі. Прыхінуўся спінай да тоўстага тапалінага камля, зірнуў на неба з россыпам зор, у якіх нічога не разумеў, але прыгажосць іх міжволі заварожвала, і раптам адчуў, што побач нехта ёсць, літаральна за спінай, па другі бок тапалінага камля. І не проста нехта, а Рая! Яе пах (бацька казаў, што яна заўсёды пахла вішняй) не зблытаць ні з якім іншым. І ён разгубіўся, і нават спалохаўся таго, што яны побач. Чамусьці закашляўся, відаць, папярхнуўся цыгарэтным дымам. Яна тут жа выйшла да яго. І ён працягнуў ёй цыгарэту.
– Будзеш? – спытаў.
Рая ўзяла напалову скураную цыгарэту, няўмела зацягнулася і вярнула бацьку.
– Дурань ты, Мішка, – сказала і дадала: – Знайшоў, што прапанаваць дзяўчыне.
– А што трэба? – зніякавеў бацька.
– Падумай, – малявала Рая нешта ў траве мыском туфлі, потым узняла на бацьку вочы, склаўшы рукі за спінай у замок і нервова тузаючы пальцы адзін аб другі. – У цябе ёсць хвіліна, – папярэдзіла.
Кажуць, выпадковасцей не бывае. Кажуць, выпадковасць –