Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча. Людміла Рублеўская

Читать онлайн.
Название Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Автор произведения Людміла Рублеўская
Жанр Исторические приключения
Серия Пранціш Вырвіч
Издательство Исторические приключения
Год выпуска 2014
isbn 978-985-7083-85-5



Скачать книгу

гарамі – усё тут пераменіцца, і ў краіне, і ў адукацыі, акадэмія зробіцца цалкам свецкай, будзе і медычны факультэт… А можа, і асобны медычны ўніверсітэт. Тады і вернешся, калі захочаш.

      – Пакуль магчыма нешта рабіць на радзіме, буду рабіць, – прабурчэў Лёднік. – Дарэчы, прывітанне пану Вырвічу…

      Доктар, успомніўшы пра свецкія манеры, прадставіў Пранціша і графа адно аднаму, узяў сына за руку, усміхнуўся знерваванай жонцы і рушыў з аўдыторыі, выпрастаны, як аршын глынуў.

      – Езуіты збіраюцца Бутрымаву кафедру прыкрыць, – дарогай цішком тлумачыла Пранцішу засмучоная Саламея, пакуль Лёднік і граф Разанцаў перагаворваліся, ідучы паперадзе. – Пакінуць яго загадваць аптэкай, каб надалей лекі рыхтаваў, напэўна, і лекцыі чытаць дазволяць па хіміі ці што там палічаць найменш шкодным. Не прападзем, вядома – лекарская практыка нікуды не падзенецца. Але Бутрым так марыў пра беларускую медычную школу, кшталту венскай ці лейдэнскай. А цяпер…

      Ведаючы былога алхіміка, можна было прадказаць, што ён так проста не здасца і невядома што ўтворыць на сваю мудрую галаву.

      Пранціш прыслухаўся: Разанцаў усё ўгаворваў свайго Варфаламея ехаць у Расею.

      – Паслухай, зараз не тыя часы, калі ўрача Антона Нямчына на кавалачкі разадралі на Маскве-рацэ, а Лявону Жыдовіну, які лячыў сына Івана Трэцяга ад камчука, галаву адсеклі… Іншаземных дактароў у нас шануюць! Тым болей – ты адзінаверац.

      Лёднік неахвотна адбіваўся:

      – Нярускіх дактароў у вас не любяць па-ранейшаму, думаеш, не ведаю, што па Аптэкарскім дэпартаменце быў загад, каб рускія вучні елі і жылі асобна ад іншаземнага настаўніка, “дабы не оскверниться”. Дый увогуле лекар сёння – фігура несамавітая.

      – Успомніў Аптэкарскі дэпартамент стогадовай даўніны! Гэта калі аптэкара Брэмбарга выгналі з Масквы за тое, што выставіў у вітрыне шкілет? Цяпер у нас Кунсткамера, у якой заспіртаваныя эмбрыёны, прэпараваныя дзіцячыя трупы з рознымі паталогіямі і нават скульптуры з костак, і кожны, хто лічыць сябе адукаваным, павінен туды схадзіць. А наконт самавітасці – ты хочаш, каб усе цябе баяліся, Варфаламей? Кінь! Не бачу нічога дрэннага ў тым, што народ смяецца, і над дактарамі, і над палітыкамі, – весела гаварыў Разанцаў. – Смех – адзнака здароўя. Бачыў я адзін спектакль, дзе да ложка хворага на іпахондрыю паклікалі кансіліум. Рускі доктар прапанаваў хворага напаіць, хаця б і сілком. Француз – пазнаёміць з дзеўкай. Немец – замкнуць і не карміць, спакушаючы з-за дзвярэй ежай, ангелец – уручыць пацыенту пісталет і даць магчымасць застрэліцца.

      Лёднік мімаволі засмяяўся, Пранціш таксама ледзь стрымаў смех.

      – Ну і які рэцэпт выкарысталі?

      Разанцаў махнуў рукой.

      – Сын хворага ўсіх нашых калегаў паганым венікам пагнаў. Пры гэтым ангелец на развітанне пабіў немца, немец пагразіўся разбіць у манаграфіі навуковы досвед ангельца, француз пайшоў, напяваючы, а рускі – галавой ківаючы.

      Тут ужо зарагатала ўся кампанія. Каля ратушы, якая пасля пажару так і стаяла