Название | Play.by |
---|---|
Автор произведения | Адам Глобус |
Жанр | Зарубежная публицистика |
Серия | |
Издательство | Зарубежная публицистика |
Год выпуска | 2009 |
isbn | 978-985-6808-92-7 |
Пазней з сябрамі я лётаў на «кукурузніку» з Менска ў Браслаў і з Браслава ў Менск. Хацеў быў злётаць з Мсціслаўля ў Смаленск, але пакуль збіраўся, тыя пералёты спынілі. Спачатку «кукурузнікі» перасталі вазіць пасажыраў у Беларусі, а потым і ў Расеі. «Смаленск – Мсціслаўль» – гэта быў апошні маршрут «кукурузніка» ў Беларусі, і я на яго не паспеў. Шкадую, бо злётаць у Смаленск я збіраўся з жанчынаю, якую любіў. Мы з ёю гулялі па зялёным узлётным полі, а потым пайшлі праз поле кукурузнае. І недзе пасярэдзіне таго кукурузнага поля нам зажадалася блізкасці. Мы любіліся стоячы, і нам было добра стоячы. Нам было так добра стоячы, што мы распрануліся, і нам было добра лежачы, нам было так салодка лежачы, што мы нічога не чулі і нічога не бачылі, а потым мы ўбачылі вялізарную жудасна-чорную рагатую галаву каровы. Яна глядзела на нашыя любошчы бліскучым ядром глыбока-сіняга вока. Марудна, каб не спудзіць жывёліну, мы апрануліся і сышлі. На беразе кукурузнага поля да нас падбегла цётка з пугаю і запыталася пра карову. Мы суцешылі яе тым, што карова не прапала і не ўвалілася ў балота, а спакойна есць няспелую кукурузу. Цётка так нам дзякавала, нібыта мы знайшлі яе дзіця, а не карову, яна так дзякавала, што ажно заплакала ад радасці. Мне было дзіўна глядзець на такую радасць.
Пэўна, у мяне такая радасць была б, каб на кукурузным полі я сустрэў не карову, а незвычайную істоту – якога Кукурузніка. У беларускай міфалогіі няма ніякага Кукурузніка, але ён мусіць быць, ён мусіць мець бычыную галаву з вострымі рогамі і цела камбайнёра. Менавіта такім мне ўяўляецца наш беларускі мінатаўрападобны Кукурузнік, наш тутэйшы вартаўнік кукурузных палёў і ахоўнік любоўных гульняў.
Без такога Кукурузніка тутэйшым людзям цяжкавата жывецца, бо надоечы на беларускіх кукурузных палях адбылося ажно два жудасных здарэнні… Жанчына вырашыла наварыць сабе кукурузы, узяла кошык, пайшла на поле, выбірала яна сабе спялейшыя пачаткі і не пачула, як на яе насунуўся камбайн. Старая, глухаватая была. Камбайн і змалаціў жанчыну разам з кошыкам спелых пачаткаў. А ў Гомельскай вобласці адбылася іншая драма на кукурузным полі. Шафёр вёў малакавоз і пабачыў, што побач з кукурузным полем стаіць легкавічок, а ў прыпаркаванай машыне крычаць зачыненыя дзеці. Шафёр даведаўся ад дзяцей, што бацькі даўно сышлі па кукурузу і ўсё ніяк не вяртаюцца, і не вяртаюцца. Шафёр знайшоў тых бацькоў мёртвымі, іх стапталі і паразрывалі дзікі. Ці займаліся тыя пакутнікі перад сваёй гвалтоўнай смерцю любоўнымі гульнямі на кукурузным полі, я дакладна не ведаю. Але, хутчэй за ўсё, яны займаліся менавіта любошчамі, бо інакш нашто ж яны сваіх дзяцей зачынілі ў легкавіку…
Вось таму і патрэбен на тутэйшых палях Кукурузнік. Ён бы абавязкова ўратаваў і старую з кошыкам, і тату з мамаю зачыненых у легкавіку дзяцей. Вядома, гэта казачныя спадзевы, але ў мяне ёсць спадзевы і больш рэальныя. Я спадзяюся, што раней ці пазней невялікія самалёты зноўку пачнуць лётаць з Менска ў Наваградак, і нехта скажа свайму сыну: «Глядзі, глядзі… Гэта нашыя Налібокі, нашая пушча…» А сын не стане перапытваць у бацькі, чаму яна ўласна наша.
2. Каштан
Каштаны збіраюць па-рознаму: нехта шукае самы вялікі, хтосьці – найменшы, камусьці заманулася падняць выпадковы каштан і закінуць яго ў кішэнь без усялякай нагоды, а некаму спатрэбілася намаляваць каштан для энцыклапедыі, і ён сабраў іх цэлы мяшэчак для разглядання, параўнання і вывучэння.
Зазвычай каштаны збіраюць дзятва і тыя, хто гуляе па скверах з дзецьмі. Ніхто так не радуецца сабраным каштанам, як яны. Збіраючы каштаны, мы вяртаемся ў свет простых радасцяў і найпрасцейшых каштоўнасцяў. «Каштан» – такое салодкае шакаладнае слова. Мы не можам паверыць, што яны няўежныя. Мы ведаем: наш беларускі каштан і горкі, і даўкі, і нягодны для кулінарыі. Толькі адкуль мы тое ўсё ведаем дакладна? Ведаем, бо кожны з нас спрабаваў есці каштан, надкусваў, каштаваў і выплёўваў. Ну нельга стрымацца, каб не пакаштаваць каштан. Канешне, мы ўсе чулі пра каштаны смачныя і ўежныя, яны ёсць, і яны па-сапраўднаму салодкія і смачныя. Можна з’ездзіць у Парыж і купіць смажаных каштанаў, і з любімай жанчынаю сядзець у скверыку каля Сены і там частавацца каштанамі, падобнымі да нашых лясных арэхаў і непадобныя да нашых гладкіх, брунатна-бурштынавых, родных і надкусаных у дзяцінстве каштанаў.
А можна ў Парыж не ехаць, можна запрасіць любімую жанчыну ў кастрычніцкі парк збіраць каштаны. Што можа быць лепшым за збіранне каштанаў з каханай? Так… Пацалунак пад каштанам. Пацалунак будзе такі доўгі і такі п’янкі, што вы не заўважыце, як у парку сцямнее. Вы зойдзеце ў самы цёмны куток парку, жанчына прыхіліцца спінаю да каштана, вы, не распранаючыся, злюбіцеся. Вы будзеце