Кніга пра Нішто (зборнік). Валянцін Акудовіч

Читать онлайн.
Название Кніга пра Нішто (зборнік)
Автор произведения Валянцін Акудовіч
Жанр Философия
Серия Collegium Sarmaticum
Издательство Философия
Год выпуска 2012
isbn 978-985-6991-92-2



Скачать книгу

загалоўную яе частку («Праклён Парменіда») канцуе наступная выснова: «У метафізічным дыскурсе Адсутнае ёсць абсалютнай Ісцінай, якая дакладна пазначае месца і сэнс усяго, чаго раней не было, а потым зноў не будзе».

      Толькі гэтая кніга не пра мяне і не пра Бога, і нават не пра нашу з Ім адсутнасць. Гэта кніга пра Адсутнае як такое.

      Калі, яшчэ на пачатку 90-х, я нечакана для самога сябе напісаў эсэ «Мяне няма», дык адразу зразумеў, што далей мой шлях толькі ў нікуды. Інакш кажучы, усёй сваёй інтэлігібельнай сутвай я адчуў, што ў метафізічным дыскурсе мяне насамрэч вабіць не тое, што ёсць, а тое, чаго няма. Я быў захоплены (у абодвух сэнсах) магутнай тайніцай нішто, адсутнасці, пустаты…

      Як такое магчыма? Як магчымае нішто, што хавае адсутнае, скуль вынікае і куды знікае маё ўласнае «няма»?

      Маё рушэнне ў нікуды пачалося яшчэ да эпохі постмадэрна (прынамсі, у маім персанальным досведзе). Але каб гэтай эпохі не было, дык яшчэ невядома, чым бы мой шлях заканцаваўся. Толькі яна была…

      Эпоха постмадэрна абнуліла ўсе метафізічныя ўніверсаліі, – пачынаючы з Быцця, Бога і канцуючы Нішто, – і ў гэтым нулі (як яно і належыць нулю) няма апынулася ў адным кантынууме з ёсць. Таму мне толькі засталося абраць пазіцыю першага і пакінуць за спіной другое. А затым зрабіць крок і яшчэ крок, але ўсяго толькі каб запэўніцца, што я нарэшце патрапіў у нікуды.

      З гэтага ў кніжцы апынулася эсэ «Разбурыць Парыж», хаця фармальна яно не мае ніякага дачынення да праблемы Адсутнага. Эсэ цалкам закааптаванае ў праблему постмадэрна як такую (і трохі ў Беларусь, як рэальнасць постмадэрна). Але я цешуся, што здаўмеўся яго сюды далучыць, бо яно дае ўяўленне пра падставы і механізмы дэканструкцыі ўсіх канцэптуальных ідэалагемаў ды іхніх інстытутаў. А без гэтага абнуленне метафізічных універсаліяў магло выглядаць адно негатывісцкай рыторыкай адэптаў постмадэрна.

      Кнігу канцуе «Гутарка на развітанне», хаця яе больш слушна было б змясціць перад нізкай тэкстаў «Праклён Парменіда» – у значэнні адмысловых уводзінаў да яго.

      Толькі я «Гутарку…» пакінуў наастачу, бо ў ёй мне бачыцца агульная рэтраспекцыя ўсіх маіх ранейшых парыванняў, скіраваная ў загадкавыя і вусцішныя кантэксты Адсутнага.

      Мяне няма

      У нашую эпоху чалавек упершыню зрабіўся цалкам і поўнасцю праблематычным для самога сябе; ён ужо не ведае, хто ён, але разам з тым ведае, што ён гэтага не ведае.

Макс Шэлер

      Частка першая

      Зачын

      Дыяген шукаў з ліхтаром чалавека і не знайшоў. Потым шукалі іншыя і таксама не знайшлі.

      Дык ці быў дзе і калі чалавек?

      Людзей было шмат, усюды і заўсёды было шмат людзей, толькі ці быў хоць адзін чалавек?

      Дакладней – ці быў чалавек?

      Каб пэўна адказаць на гэтае запытанне, трэба напэўна ведаць: хто ён – чалавек? Але якраз гэтага ніхто не ведае.

      Збольшага вядома, што ён – чалавек і што не ён.

      Чалавек не камень, не дрэва, не жывёла.

      Чалавек не вада, не агонь, не зямля. Чалавек не…

      Чалавек адрозніваецца ад усяго астатняга і падобны адно да чалавека.

      Да яго трохі падобныя малпа і Бог.

      З апошняга можна сёе-тое зразумець, што ёсць малпа і што ёсць Бог, але нічога не зразумець – хто ён, чалавек?

      Хто не апазнаецца праз што.

      Што – гэта тое, што выяўляецца ў значэннях рэальнасці.

      Хто – гэта тое, што, мяркуецца, можа быць, але пра што невядома нічога пэўнага, бо яно не мае рэальных параметраў – усе ягоныя значэнні згорнутыя ў інтэгральнае паймо як адзіную сакральную падставу быцця і гісторыі гэтага хто.

      Інтэгральнае паймо намысленага ў трансцэндэнтнай перспектыве хто і вылучанага зместам рэальнасці што да апошняй пары ўтойвалі праблему, падстаўляючы на запытанне хто ён, чалавек? – адказ: што ён, чалавек. Таму праблема хто ён, чалавек, і ці ёсць чалавек як хто і па сёння здымаецца лагічнай падменай панятку хто на панятак што. Хаця на відавоку: што – гэта чалавек, згорнуты ў рэальнасць самога сябе, а хто – гэта чалавек, які пачынаецца звыш сваёй, згорнутай у ім самім, рэальнасці і выяўляецца ўжо толькі ў перспектыве сакральнага значэння.

      Што ёсць чалавек? – вычэрпваецца значэннем тоеснасці чалавека свайму тут-быццю.

      Хто ёсць чалавек? – адно пачынаецца за гэтай тоеснасцю і атаясамляецца ўжо не ўласна з тут-быццём чалавека, а з самой наканаванасцю быць.

      Пытанне пра хто – гэта, урэшце, пытанне дзеля аднаго адказу: чалавек жыве таму, што з’яўляецца жыць, ці ён з’яўляецца жыць таму, што яму гэта было наканавана.

      Кім, чым, адкуль, навошта наканавана – гэта не істотна да той пары, пакуль застаецца не апазнаным: наканавана альбо не?!

      Зрэшты, у такім няпэўным стане сітуацыю можна было б пакінуць і надалей, каб у подзе здумлення хто ён, чалавек, не вярэдзіла ўласнатужлівае: хто ён, я?

      Калі я, персаніфікуючы праблему хто ён, чалавек,