Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях (зборнік). Ян Баршчэўскі

Читать онлайн.

Скачать книгу

адужаў слабую абарону, абрабаваў дамы, пазабіваў жыхароў, у касцёлах паабдзіраў абразы і спляжыў ахвяравальны посуд, нават касцёл зруйнаваў, а званы ўтапіў у возеры і з натоўпам сяброў атабарыўся ў спустошаным горадзе. Аднак Бог дзівосным чынам абвясціў сваю кару блюзнерцам. Званы, затопленыя на дне возера, штодзень на захадзе і ўсходзе сонца абуджалі глухое маўчанне на дзікіх берагах Нешчарды так, што птушкі, напалоханыя енкам гэтага звону, уцяклі паветранымі шляхамі, а сарны і ласі, дрыжучы ад страху, пахаваліся ў далёкіх пушчах. Апоўначы лятала чума, падобная да чорнага шара, і дзе яна дакранулася да сцяны, з гэтага дому ўжо ніхто не выходзіў жывы, і такім чынам вымерла ўся дружына Княжа; сам ён, перапалоханы, пакінуўшы ўсе багацці, закапаныя ў гары, уцёк з некалькімі сябрукамі, але недалёка за возерам яго напаткала смерць. Народ і зараз паказвае аграмадны курган, які называецца Магілай Княжа.[13]

Шмат і іншых паданняў у тым краі кружыць сярод простага люду; у многіх з іх згадваюцца гістарычныя выпадкі, іншыя ж – болей плён фантазіі ды меланхалічнага духу, што вызначае жыхара гэтых дзікіх і лясістых ваколіц; ад прыроды ён здольны да жвавае думкі, уяўленне яго стварае дзіўныя карціны. Асобныя з тамтэйшых простанародных паданняў я перадаў у баладах, змешчаных у трох томіках альманаха «Nіezabudka»,[14] а менавіта: «Дзявочая крыніца»,[15] якая знаходзіцца на поўнач ад горада Полацка, схаваная ў ценю адвечных лясоў; «Дзве бярозы»,[16] якія і цяпер люд паказвае непадалёку ад берагоў возера Шэвіна; «Курганы»;[17] «Русалка»,[18] ўзятая з песні чараўніцы, якая, сумуючы па сваім каханым, спявае:

Гусанькі, лябёдэнькі,

Скіньця мне па пёрэчку,

Я з вамі полечу.

Бываюць тут часамі ў нядзелю кірмашы; людзі збіраюцца з бліжэйшых вёсак у касцёл. Там на могілках можна бачыць сцэны, якія наводзяць на душу смутак. Вось удава з малымі дзецьмі ля драўлянага крыжа, які стаіць над магілаю яе мужа, а там сіраты над магілаю бацькоў выказваюць сваю журбу голасам, які раздзірае сэрца; калі хто наблізіцца да іх і падслухае іхнія словы, – яны зайздросцяць мёртвым, і гэтыя слёзныя скаргі, здаецца, працялі б і каменныя грудзі. Пасля набажэнства ўсе збіраюцца ў адным месцы, дзе-небудзь паблізу карчмы; тут з’яўляецца некалькі жыдкоў[19] са стужкамі, іголкамі і рознымі блішчастымі аздобамі для адзення; падае голас адмысловая беларуская дуда.[20] Распачынаецца музыка[21] пад адкрытым небам; малады хлопец, і сівы дзед, падхмеленыя гарэлкаю, скачуць да поту, іх радасць часта пераходзіць межы прыстойнасці. А журботныя плачкі, якія нядаўна заліваліся слязьмі над магілаю мужа і бацькі, скачуць пад мелодыю дуды:

Слава тобе, Хрыстэ цару,

Што мой муж на цмэнтару,

І бяды позбылася,

І гарэлкі напілася.

Або таксама:

Калі ж тая серада прашла,

Як

13

У кнізе «Россия: Полное георграфическое описание нашего Отечества» (Спб., 1905. Т. 9. С. 450), дзе пададзена гэтае ж паданне, курган называецца «Княжая Магіла».

14

Да верасня 1844 г. Я. Баршчэўскі выдаў пяць томікаў альманаха «Niezabudka». Калі пісьменнік кажа пра тры томікі, дык, відавочна, што напісаны ў 1842 г. артыкул без змен быў уключаны ў першы томік «Шляхціца Завальні».

15

Змешчана ў «Niezabudce» на 1841 г.

16

Змешчана ў «Niezabudce» на 1842 г.

17

Змешчана ў «Niezabudce» на 1842 г.

18

Гаворка пра баладу «Русалка-спакусніца», змешчаную ў «Niezabudce» на 1841 г.

19

Слова «жыд» не мела ў той час зневажальнага значэння.

20

Дуда – духавы інструмент са скураным мехам, маленькай трубачкай для напаўнення яго паветрам і некалькімі ігравымі трубкамі з язычкамі (пішчыкамі).

21

Музыка, музыкі – гэтак даўней называліся ў беларускіх вёсках танцы.