Цені Дзікага палявання. Алесь Кожедуб

Читать онлайн.
Название Цені Дзікага палявання
Автор произведения Алесь Кожедуб
Жанр
Серия Сучасная беларуская лiтаратура
Издательство
Год выпуска 2024
isbn 978-985-19-7652-8



Скачать книгу

гэтыя прорвы яшчэ тады, калі замест цяперашніх лясочкаў тут разлягалася пушча. Пушча была вялікая нават для яго, ён жыў у ёй, вандруючы, мяняючы прыдатныя мясціны не таму, што нехта ці нешта яго зганяла – якія ў ляснога гаспадара ворагі ў лесе? – а па патрэбе. Ён жыў таму, што быў ахоўнікам лесу, яго гаспадаром, яго бацькам, ён павінен быў клапаціцца, каб лесу не было шкоды, нават самай малой. Ён быў, зрэшты, лесам. Яму быў вядомы самы глухі, самы дальні куточак пушчы, ён ведаў, як дзе бярэцца падлесак, ён гоіў былое пажарышча, заварочваў на яго лясны ручаёк, каб вадзіца змыла чорны гар, ажывіла для пачатку траву і кустоўе, а ўжо за імі, праз колькі зім і вёснаў, над нізкімі кустамі – кусты на пажарышчах заўсёды растуць нізкімі, вузластымі і кашлатымі, быццам распаўзаючыся па зямлі, – толькі пазней над імі загайдаюцца вяршалінкі тонкіх дрэўцаў. Наогул, пажары заўсёды былі самай страшнай бядою лесу, яны загойваліся вельмі цяжка, ды і загойваліся не да канца – лес на былых пажарышчах рос рэдкі і крывы, танкастволы, трава пры карэнішчах выдзёўбвалася нейкая сухая і шорсткая, а ягады і грыбы амаль не высыпаліся зусім. А затое на ўзмежках былое раны ўсё расло лепей, як дзе: дрэвы стаялі моцныя, тоўстыя, кусты аблямоўвалі іх такія густыя, што нават рэдкая пташка асмельвалася ўпырхнуць у іх спляценне, адно вужы і гадзюкі з ахвотаю запаўзалі ў непралазны гушчар, звіваліся там з галінамі, расслаблялі кольцы сваіх мускулаў – ім на адкрытых мясцінах заўсёды было цяжка, заўсёды трэба было хавацца і ўцякаць. Так, лесавік ведаў усё ў пушчы; ён амаль не ўмешваўся ў яе жыццё – толькі ахоўваў.

      Але пушчы з часам рабілася ўсё меней і меней, пакуль не засталіся адно асобныя лясы, потым ляскі і пералескі. Ды і што казаць – лесавік жыў у пушчы ўжо нямала…

      Калі пачалося ўсё, калі пачаўся ён, лясны гаспадар, які ведаў усё ў лесе і які ўсё ж не быў лесам? І які не быў ні зверам, ні птушкай, ні раслінай – і ні чалавекам?.. Чалавек і ён увогуле былі падобнымі. Гэта і ёсць той самы пачатак, тое даўняе, што ўжо і забылася. Чалавек заўсёды жыў у лесе, разам з лесам, будаваў сабе з лесу хаты, карміўся лесам – мясам і грыбамі, сокам і ягадай, мёдам і арэхамі, лячыўся таксама лесам – яго травамі, смоламі і каранямі, – і чалавек ніколі не пакідаў ваяваць з лесам, сячы і карчаваць яго, адсоўваць, нават паліць. Чалавек, канешне, не быў і заклятым ворагам лесу, але ніколі яго не шанаваў, не лічыў да сябе родным.

      Вось для гэтага і быў ён, лесавік. І ў гэтым была повязь лесавіка з людзьмі.

      Ідзе чалавек па лесе. Весела ідзе, лёгка, каго яму баяцца, чаго? У яго зброя, сякера ёсць, навязаны да палкі нож, лук са стрэламі – ён самы моцны, бо разумнейшы і хітрэйшы. І ў лес яго загнала патрэба – мяса трэба, шмат мяса, бо колькі ні ёсць чаго – усё мала, усё хочацца, каб болей. Чалавек ідзе лёгка і асцярожна, пільна ўглядаецца, чытае сляды, амаль не заўважае зайчыных і барсучыных – ён шукае лася, дзіка, казулю. І ласіха, гарбаносая, худая, вушастая, як на тое, зусім побач, ні аб чым не здагадваецца, стаіць сярод блізкіх кустоў, скубе лісце, краем вока цікуючы за смешным, даўгалыгім, няўклюдным ласянём, што дурэе на палянцы: