Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік). Артур Конан Дойл

Читать онлайн.



Скачать книгу

Багеміі, непадалёк ад Карлавых Вараў. «Вядомы як месца смерці Валенштайна*, а таксама дзякуючы шматлікім гутам і папяровым фабрыкам». Ха-ха, мой хлопча, якія высновы можаце вы зрабіць? – яго вочы заблішчэлі, і ён пераможна выпусціў з цыгарэты вялікае блакітнае воблака.

      – Папера зробленая ў Багеміі, – сказаў я.

      – Менавіта. А аўтар цыдулкі – немец. Вы звярнулі ўвагу на незвычайную будову сказа «Такі водгук пра вас мы з розных бакоў атрымалі»? Француз ці рускі такога б не напісаў. Толькі немцы могуць абыходзіцца з дзеясловамі так непачціва. А таму нам засталося толькі даведацца, чаго гэты немец, які піша на багемскай паперы і лічыць за лепшае хаваць свой твар пад маскай, ад нас хоча. А вось, калі я не памыляюся, і ён сам. Ён і адкажа на ўсе нашыя пытанні.

      На гэтых словах мы пачулі рэзкі стук конскіх капытоў і грукат колаў, што зачапілі ходнік, а потым – не менш рэзкі гук званка. Холмс прысвіснуў.

      – Парны экіпаж, мяркуючы па гуках, – сказаў ён і, выглянуўшы з акна, працягнуў: – Так і ёсць. Багатая карэта і пара прыгажуноў, сто пяцьдзясят гінеяў за кожнага. На благі канец, Ўотсан, справа будзе прыбытковая.

      – Думаю, Холмс, мне лепей сысці…

      – Ні ў якім разе, доктар. Заставайцеся на сваім месцы. Куды я без майго Босуэла*? Да таго ж справа абяцае быць цікавай. Будзе шкада, калі вы яе прапусціце.

      – Але ж ваш кліент…

      – Нічога страшнага. Мне можа спатрэбіцца вашая дапамога, і яму таксама. А вось і ён. Сядайце ў гэты фатэль, доктар, і аддайце нам усю вашую ўвагу.

      Цяжкія марудныя крокі, чутныя на лесвіцы і ў калідоры, спыніліся перад самымі нашымі дзвярыма. Потым пачуўся гучны і ўладны грук.

      – Заходзьце! – сказаў Холмс.

      Увайшоў чалавек геркулесаўскага целаскладу, ростам наўрад ці ніжэйшы за шэсць футаў і шэсць цаляў. Апрануты ён быў так багата, што ў Англіі багацце гэтае прыпісалі б кепскаму густу. Закаўрашы і адвароты яго двухбортнага паліто былі аблямаваныя цяжкім каракулем, а накінуты на плечы цёмна-сіні плашч гарэў ярка-чырвонай аксамітнай падкладкай і мацаваўся на шыі спражкай з прыўкраснага берылу. Халявы ботаў, якія даходзілі да сярэдзіны лытак, былі аздобленыя шыкоўным карычневым футрам, што дапаўняла ўражанне варварскае раскошы, якое стварала ўсё яго аблічча. У руках ён трымаў шыракаполы капялюш, а ўсю верхнюю частку твару да самага нізу скулаў хавала чорная маска, відавочна, толькі што надзетая, – бо калі ён увайшоў, рука яго ўсё яшчэ была паднятая. Ніжняя частка твару выдавала чалавека з моцным характарам, а тоўстая выпукленая губа і доўгае прамое падбароддзе сведчылі пра цвёрдасць, што межавала з упартасцю.

      – Вы атрымалі маю цыдулку? – спытаў ён рэзкім і нізкім голасам з моцным нямецкім акцэнтам. – Я папярэдзіў, што наведаю вас, – ён пераводзіў позірк з мяне на Холмса, не ведаючы, да каго звяртацца.

      – Сядайце, прашу вас, – сказаў Холмс. – Гэта мой сябра і кампаньён доктар Ўотсан, які час ад часу дапамагае мне ў расследаванні. З кім маю гонар размаўляць?

      – Можаце называць мяне графам фон Крамам,