Мікола Адам

Список книг автора Мікола Адам



    …І прыдбаў гэты дом

    Мікола Адам

    Каханне не бывае ідэальным, а жыццёвы шлях – роўным. Лёсы заўжды выглядаюць як паралельныя крывыя. Стасункі ж усё часцей нагадваюць трохкутнікі. Але гэта не геаметрыя, хутчэй геаграфія чалавечых душ, звязаных раманам, геаграфія пачуццяў, геаграфія любові, што злучыла Беларусь і Украіну, нягледзячы ні на вайну, ні на рэпрэсіі, ні на межы і ростані. Галоўныя героі твора – беларус і ўкраінка, сын ворага народа і дачка Героя Савецкага Саюза, якіх паяднала чужына – Казахстан. Якімі стануцца іх адносіны?..

    Шоўк (зборнік)

    Мікола Адам

    Жыццё на грані, каханне насуперак, адданасць як дадзенасць, а боль і перамога болю як існасць, разам з тым інтымная спавядальнасць Мілера, іранічнасць Букоўскі, лірызм Саган, смеласць Фолкнера, грындхаўс Таранціна і Радрыгеса – такая сёння проза Міколы Адама. Стварыўшы свой, уласны грындхаўс, ён запрашае нас зірнуць на саміх сябе вачыма герояў, на месцы якіх можа апынуцца кожны з нас у любы момант.

    Беларускі раман

    Мікола Адам

    Галоўныя героі рамана – два браты, якія знаходзяцца ў пошуках кахання. Мікіта Корбут назаўсёды захаваў моцныя пачуцці да таленавітай актрысы Веранікі Берднік, але новае знаёмства дае новую надзею. Вадзім па волі прывабнай дзяўчыны трапляе ў такую ж непрыемную сітуацыю, якая некалі здарылася са старэйшым братам. Абставіны вакол герояў увесь час змяняюцца, іх наступны крок абсалютна непрадказальны, што трымае чытача ў напружанні. Аўтар моцны найперш псіхалагізмам – здольнасцю выяўляць душэўны стан персанажаў, неадступна фіксаваць эмацыянальную рэакцыю герояў на ўчынкі і рэплікі. Па родзе дзейнасці галоўны герой твора Мікіта Корбут прафесійны пісьменнік, у мінулым – таленавіты акцёр. У выніку раман цікавы не толькі як гісторыя кахання, але і як выдатная магчымасць апынуцца ў літаратурным асяроддзі Мінска самага пачатку 2000-х гадоў: некалькі разоў зазірнуць на пасяджэнні знакамітага літаб’яднання «Першацвет», патрапіць у адмысловую культурную суполку «Вулей». Некаторыя персанажы маюць сапраўдныя імёны, іншыя хаваюцца пад змененымі, але вельмі пазнавальнымі прозвішчамі.

    Мястэчка

    Мікола Адам

    Гэта раман, які пераварочвае ўяўленне пра літаратуру для падлеткаў і аб падлетках, адначасова, аднак, разлічаны таксама і на дарослую аўдыторыю. Першы сезон знаёміць чытача з жыхарамі звычайнага тыпавога кансерватыўнага мястэчка недзе ў правінцыі Беларусі, у якім ніколі нічога не адбывалася да падзей, узгаданых у творы. Галоўная гераіня кнігі, звычайная дзесяцікласніца Даша Белая, «ладзіць бунт на караблі», чым выклікае высокахуткасны экспрэс падзей і здарэнняў, у якія трапляе сама і ўцягвае ўсіх вакол, а яшчэ закохваецца ў чалавека, старэйшага за яе на дванаццаць гадоў, да таго ж былога спецназаўца, які, нібы мульцяшны Чорны плашч, заўжды спяшаецца да яе на дапамогу. Другі сезон працягвае аповед пра прыгоды Дашы і яе сяброў, засяроджваючыся, аднак, на падзеях, што адбыліся ў Беларусі 19 снежня 2010 года, дакладней, у Мінску, калі была брутальна разагнана мірная дэманстрацыя на Плошчы Незалежнасці. Адлюстраваныя вачыма падлеткаў тыя абставіны, абсурднасць і жорсткасць іх наступстваў зачэпяць і самую чэрствую душу. Ды ўсё ж галоўнае, мабыць, тое, што раман «Мястэчка» – гэта раман выхавання. На працягу ўсяго твора яго героі, на першы погляд адмоўныя, змяняюцца да лепшага шляхам сапраўдных сяброўства, кахання і мастацтва.

    Гульня ўяўлення

    Мікола Адам

    Кніга Міколы Адама «Гульня ўяўлення» – складаецца з апавяданняў, напісаных і апублікаваных у перыёдыцы ды калектыўных зборніках у розныя гады. Іх персанажы заўсёды на мяжы рэальнага і выдуманага, чалавечага і жывёльнага, таннага і найдаражэйшага. Абставіны вакол герояў увесь час змяняюцца, іх наступны крок абсалютна непрадказальны, часам героі дзейнічаюць эфектна, але імпульсіўна і нелагічна, што падкрэсліваецца яшчэ і вобразнай метафарычнасцю. Аднак пісьменнік моцны найперш псіхалагізмам – здольнасцю выяўляць душэўны стан персанажаў, неадступна фіксаваць эмацыянальную рэакцыю герояў на ўчынкі і рэплікі, і раскрывае духоўны свет не толькі мужчынскіх, але і жаночых вобразаў, бо жанчына-гераіня – жаданы госць прозы аўтара.